Родная мова, якой авалодваюць дзеці ў зносінах з дарослымі, з'яўляецца галоўным сродкам засваення імі культуры свайго народа, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. У родным слове, па сцвярджэнні вялікага рускага педагога К. Д. Ушынскага, народ клапатліва захоўвае «ўвесь след свайго духоўнага жыцця». Матчына мова, мова бацькоў, продкаў з'яўляецца і сродкам, і зместам духоўнага развіцця асобы чалавека.

       Большасць дашкольнікаў у нашай рэспубліцы выхоўваецца ў рускамоўных сем'ях, а яшчэ значная частка ў сем'ях, дзе размаўляюць на так званай «трасянцы» — сумесі беларускай і рускай моў. Гэта прыводзіць да ўзнікнення з'явы інтэрферэнцыі — «засметчанасць» мовы: пранікнення ў рускае маўленне беларусізмаў, а беларускае — русізмаў. Напрыклад, гаворачы па-руску, ужываюць беларускія словы(сварила бурак), граматычныя формы, уласцівыя беларускай мове (гулять с папам), дапускаюць арфаэпічныя і фанетычныя памылкі (рымень, дзевачка). Часта дзеці паралельна ўжываюць агульныя па значэнні словы абедзвюх моў (кукла і лялька, сапожки і боты, картинка і малюнак, играть і гуляць і інш.).

         Паколькі адсутнічае граматнае беларускамоўнае асяродзе, у якім нашы дзеці маглі б самастойна засвойваць нормы і правілы маўлення, дарослыя павінны спецыяльна арганізоўваць  мэтанакіраванае навучанне дзяцей  беларускай мове праз даступныя віды дзіцячай дзейнасці. 

            Паважаныя бацькі, мы не сумняваемся, што вы зацікаўлены ў тым, каб ваша дзіця ў будучым паспяхова засвойвала школьную праграму. А рыхтаваць яго да навучання ў школе неабходна як мага раней. Тым больш, што адукацыйны працэс у нашай школе ажыццяўляецца таксама на беларускай мове.

от admin

Добавить комментарий